Семінар-нарада з удзелам прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый, грамадскіх інспектараў па ахове працы і кіраўніцтва арганізацый па тэме выканання заканадаўства аб ахове працы ва ўстановах, арганізацыях і прадпрыемствах прайшоў сёння ў Бабруйскім райвыканкаме.

На нарадзе былі падведзены вынікі работы рэйдавай групы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пад началам галоўнага тэхнічнага інспектара працы Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Арцёма Звягіна, якая на працягу некаторага часу працавала ў Бабруйскім раёне — вывучала стан аховы працы ва ўстановах і арганізацыях.

Маніторынгамі былі ахоплены такія арганізацыі, як УКП “Жылкамгас”, Бабруйскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Бабруйскі сацыяльны пансіянат “Каменка”, Варатынская і Цялушская сярэднія школы, таварыства з абмежаванай адказнасцю “Глушакоў” і прыватнае прадпрыемства “Знатная изба”.

Падчас праверак вывучаліся ўмовы працы на рабочых месцах, санітарна-бытавое забеспячэнне працуючых, захаванне тэмпературнага рэжыму, забеспячэнне пажарнай і электрабяспекі. Была звернута ўвага на своечасовасць правядзення інструктажаў, стажыроўкі і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, праходжанне медыцынскіх аглядаў, вядзенне адпаведнай дакументацыі. Кіраўнікам і спецыялістам былі дадзены кансультацыі па пытаннях прымянення заканадаўства аб ахове працы, аказана практычная і метадычная дапамога.

У цэлым рэйдавай групай была дадзена станоўчая ацэнка цякучага стану аховы працы ва ўстановах і арганізацыях Бабруйскага раёна.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Віктара ШЭЙКІНА і з архіва рэйдавай групы.